Джон Кунстандтер необыкновенный человек. И лучше всего о себе и о своем фотографическом увлечении говорит он сам:
Маім жыцьцём у фатаграфіі рухае пашана да простага чалавека, пра якога сказана: “Вы – соль зямлі…Вы – сьвятло сусьвету.”
Так маё фатаграфічнае падарожжа па Беларусі няспынна натхняе мяне і вядзе па трох сьцежках.
Першая – стварэньне беларускага брэвіярыя. Гэта спроба адлюстраваць кола года, а таксама новае нараджэньне веры, што адбываюцца пры адметным беларускім асьвятленьні, напаўняюцца адметным беларускім водарам глебы і адметным беларускім пачуцьцём повязі з радзімай.
Другая сьцежка – гэта спроба адлюстраваць глыбокую, нязломную і – зноў жа – адметную і неад’емную эўрапейскасьць беларускай культуры, беларускай сутнасьці. Незьлічоную колькасьць разоў я быў сьведкам таго, што сэрца беларускай нацыі б’ецца ў кожным малым, нават у немаўляці, што мова нацыі сьпявае ў кожным жэсьце і кожнай усьмешцы, што беларусы сьціпла і непахісна спраўджваюць словы вялікага беларускага паэта Максіма Багдановіча:
“Так рупная пчала ўмее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак.”
Я буду шчасьлівы, калі Вы як глядач адчуеце гэтыя рытмы, гэтыя мелёдыі, гэтую руплівасьць прынамсі ў некаторых са здымкаў на гэтым сайце.
Трэцяя сьцежка вядзе мяне да разуменьня повязі лёсаў нашай нацыі і нацыі беларускай. Мы не былі б амерыканцамі, калі б не лёсавызначальная дапамога пры Саратозе – і не толькі – Тадэвуша Касьцюшкі. Мы заўсёды ўшаноўвалі Касьцюшку як паляка. Але ён ёсьць сынам і беларускай глебы.
Калі разважаць шырэй, трэба прыгадаць, што гонар нашай нацыі палягае ў нашым вызначэньні сябе як нацыі простага чалавека. Кожны, хто вырас, як і я, у Чыкага, Пітсбургу, Кліўлендзе ці любым іншым горадзе сэрца Амерыкі ведае, як простыя беларусы і прадстаўнікі іншых нацый, што існавалі пад імперскім уціскам у тым жа рэгіёне – палякі, літоўцы, украінцы і шматлікія іншыя – прайшлі свой цяжкі шлях да Амерыкі,
як гэтыя годныя і працавітыя людзі сталі часткай нашай нацыі;
як яны будавалі нашу нацыю;
як яны адыгралі неад’емную ролю ў вызначэньні, кім мы ёсьць і чаму.
І калі мы глядзім на партрэты, змешчаныя на гэтым сайце, мы ў значнай ступені глядзім на саміх сябе.
http://radzimaphoto.com/about-this-site/